Пазнай Беларусь

 

У першыя выхадныя верасня прафсаюзны актыў Валожыншчыны пабываў з экскурсіяй у Сталбцоўскім раёне, дзе наведаў рубяжэвіцкі касцёл і панскі маёнтак Сула.

40 чалавек – гэта старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый, актыўныя члены разам з дзецьмі – змаглі акунуцца ў атмасферу далёкай даўніны. Так, у Рубяжэвічах у касцёле Святога Іосіфа паслухалі вялікасны Паланэс Агінскага, выкананы на аргане. Асабліва ўразіла вельмі незвычайная карта населеных пунктаў, выкананая з каменняў. Кожны камень сімвалізуе сабой вёску, на якім высечана назва населенага пункта. Ёсць розныя гісторыі: у прыватнасці, мястэчка ўжо няма, а нагадвае аб ім толькі маўклівы сведка, ці, колішняя назва зменена на новую – тады на камені змешчаны два найменні. Для людзей гэта месца сімвалічнае і ў нейкім сэнсе нават сакральнае: прыязджаючы ў родныя мясціны, абавязкова стараюцца прыйсці да “свайго каменя” і хоць чым-небудзь упрыгожыць яго. Тут яны ажываюць душой, натхняюцца, чэрпаюць сілы, каб ісці па жыцці далей.
Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі “Сула” – сядзібны комплекс на беразе аднайменнай ракі. Ён быў адноўлены на руінах маёнтка знатнага роду Ленскіх. За тры гадзіны вандроўнікі азнаёміліся з гісторыяй і бытам дваранства, наведалі прыстанак варагаў, майстэрню зброі і ганчарнага мастацтва, канюшню, хлебную лаўку.