Малодшы з працавітай дынастыі

Відавочна, прафесію Яўгеній Анатольевіч БІБІК з Сівіцы выбіраў пад магутным уздзеяннем аўтарытэту бацькі Анатолія Антонавіча і дзядулі Антона Браніслававіча. Старэйшыя Бібікі працавалі ў роднай гаспадарцы механізатарамі. Таму юны Жэня пра трактар ведаў кожную дробязь, па гуку мог адрозніць любую марку. Магчыма бацькам і хацелася, каб сын, як кажуць, пайшоў далей, але той бачыў сябе толькі за рулём складанага агрэгата.

У КУП “Сівіца” Яўгенія лічаць універсальным работнікам. Ён аднолькава якасна выконвае любыя віды работ. Ці то на “МТЗ 30-22” займаецца сяўбой, ці на новым камбайне “КЗС 12-16” шчыруе на жніве. Дарэчы, у бягучым годзе падчас уборкі заняў першае месца па гаспадарцы, нажаўшы звыш тысячы тон збожжа. За высокія паказчыкі ўзнагароджаны пісьмом з падзякай і каштоўным падарункам.

Паспяховы малады чалавек і ў асабістым жыцці. Прыгажуня-жонка Кацярына працуе ў гаспадарцы бухгалтарам. У доме, які атрымалі як маладая сям’я, падрастаюць нашчадкі – сямігадовая Караліна і чатырохгадовы Максім. Дарэчы, маленькі сын ва ўсім старецца быць падобным на бацьку і таксама цікавіцца тэхнікай. Сярод цацак – у асноўным трактары. А з кабіны яго часам можна выцягнуць толькі с плачам. Таму высокія шанцы на тое, што дынастыя механізатарў Бібікаў працягнецца.